ПЕРАГУК АДЗІНСТВА БАЛТАЎ 2022

ПЕРАГУК АДЗІНСТВА БАЛТАЎ 2022

Дзень адзінства балтаў святкуем 22 верасня. Сёлета гэты дзень прыпадае на чацвер. Ад 8-й і да 9-й гадзін вечара будуць адначасова палаць вогнішчы на вялікай прасторы, ад Балтыкі да Волгі і Акі ды Палесся.

Самае старажытнае – яно і найбольш цэльнае. Даўнейшыя людзі былі нібы з аднаго кавалку зробленыя. Іх думкі не расцярушваліся, іх увага біла адным прамянём, іх духоўнасць была надзвычай канцэнтраванай. Такімі былі нашыя балцкія продкі. І няхай цяпер мітусяцца розныя меркаванні наконт ступені ўдзелу балцкамоўных продкаў у генезе цяперашніх беларусаў – у кожным разе, менавіта продкі-балты – нашыя найстарэйшыя родныя папярэднікі на гэтай зямлі. Дагукацца іхнага спрыяння праз слаі часу – значыць, забяспечыць сабе трывалае апірышча на зямлі сваіх продкаў.

22 верасня – у той дзень у 1236-м годзе аб’яднанае войска з зямгалаў і жамойтаў патрушчыла крыжакоў-хрысціянізатараў. Тая падзея дала часу ўсвядоміцца і згуртавацца Літоўскаму гаспадарству, якое стала і нашай дзяржавай, нашым супольным з літоўцамі гонарам. Сапраўды, ад месца той бітвы да нашай цяперашняй дзяржаўнай м яжы – ня блізкі свет. Але на той час і ў нас тут яшчэ заставалася нямала лапікаў, дзе працягвалі размаўляць па-даўнейшаму, па-балцку. Падмаскоўная балцкая голядзь яшчэ трымала ўсходні фарпост і ў 1248-м годзе, калі туды, шукаючы хаўрусніцтва з братамі па крыві і мове, выпраўлялася літва.

Зусім значным выглядае і супадзенне дня той бітвы з Восеньскім раўнадзеннем, калі святлейшая пара году змяняецца парой цямнейшай. Людскі свет пачынае сціскацца, людзі пачынаюць больш туліцца да сваіх агмянёў. Мы ясней згадваем, хто мы, хто нашыя блізкія і родныя, кім былі нашыя дзяды. Трохі пазней увосень клічам дзядоў на супольную вячэру. Восеньскае раўнадзенне – прыдатная пара, каб прыгадаць нашых далёкіх балцкіх продкаў, іх радасці і цяжкасці, іх перамогі.

У гэты дзень, 22 верасня, запальваем на высокіх месцах вогнішчы. Добрае слова, каб называць такія вогнішчы па-старэтнаму, – лаўжы. Лоўж – гэта і само „в огнішча”, і „наламанае для агня галлё”, так кажуць і ў Літве, і ў тых-сіх нашых гаворках і па сёння. Выключную значнасць мае тое, што агні на такой шырэзнай прасторы палаюць адначасова. Сіл куе нас тады ўжо не адна толькі вялікая сіла агня, прыручанага нашымі далёкімі продкамі і прынесенага колісь маланкамі з неба, – сілкуе і вялікая моц шырокай супольнасці цяпер, і яшчэ большы сонм продкаў, які пры гэтым таксама, безумоўна, прысутны.

Ня менш важныя і месцы. Вядома, можна і ў сябе на падворку запаліць, і той жа самы час ды тая ж самая дзея дадуць злучыцца нам усім у адно, хоць бы на гадзіну раз на год. Але найлепе й для гэтага выбраць месцы, звязаныя з жыццём продкаў. Найбольш прыдатнымі выглядаюць старадаўнія селішчы ды гарадзішчы. Там дух продкаў захоўваецца праз вякі, там ён будзе рады нашаму гасцяванню. Ля старадаўніх святых камянёў, якія ўшаноўваліся продкамі, – таксама будзе дарэчна. І проста на пагорку-горцы – таксама. З высокіх месцаў відаць прыгожыя краявіды, а нашыя продкі ўмелі цаніць хараство наваколля і прыроды.

Што рабіць у гэтую гадзіну, а мо і даўжэй? Завесці гутарку пра продкаў, пра гісторыю месца, на якое вы прыйшлі, звярнуць увагу на тое, якое яно прыгожае і чаму (так вы пахваліце выбар продкаў – калі гэта селішча ці гарадзішча). Закрануць, чаму важна памятаць пра нашых продкаў-балтаў.

Важна ня толькі па гаварыць, але і паспяваць ды пайграць на старадаўніх музычных інструментах – напрыклад, на літоўска-беларускай дудзе. Музыка і спеў далучаюць нас да такіх глыбіняў, якіх вельмі рэдка к

ранаецца слова. Варта вывучыць некалькі народных песень – у іх няма цяперашняй сітуацыйнай эмацыйнасці, затое поўна праверанага пакаленнямі дотыку да вечнага і заўсёды надзённага.

Святкуйце з тымі, каго шануеце і любіце, – з добрымі і прыемнымі вам сябрамі, са сваёй сям’ёй, з дзецьмі. Гэта не ідэалагічнае зборышча, а супольнае перажыванне агульных далёкіх продка

 

ў, у якое часам ня кожнага і пусціш. Старайцеся намацаць і затрымаць тую ледзьве бачную хвалю, нітку, якая ў гэты вечар злучае вас з тымі, хто побач, з тымі, хто на адлегласці паліць такі ж агонь, з тымі, хто нябачнай прысутнасцю далучаецца з глыбіняў вякоў. Сапраўды, сутнасцю таго, што адбываецца на Дзень адзінства балтаў, з’яўляецца Злучэнне.

Каб лягчэй было паінфармаваць пра гэтае свята тых, каго вы запрашаеце, мы падрыхтавалі некалькі буклетаў. У адным (https://www.aukuras.lt/wp-content/uploads/2017/08/buklet_dzien.pdf) – пра гісторыю святкавання Дня адзінства балтаў, у другім (https://www.aukuras.lt/wp-content/uploads/2017/08/buklet_balty.pdf) – пра балтаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Гэтыя буклеты – у электронным фармаце pdf, іх лёгка раздрукаваць на стандартным аркушы А4 з двух бакоў і зручна скласці, перагнуўшы аркуш у двух месцах.

Каардынуецца святкаванне Дня адзінства балтаў у Беларусі і на ўсходніх землях на інтэрнэт-сайце „Свайкста” (www.svajksta.by). Пасля свята выкладаем фата графіі з розных месцаў. А перад святам да нас збягаецца інфармацыя, хто дзе гэтым разам будзе святкаваць, i кропкі месцаў пазначаем на агульнай карце. Таму просім удзельнікаў паведамляць пра свой удзел, напісаўшы на адрас эл.пошты svajksta@gmail.com. Чым больш месцаў пазначана на карце і чым больш потым прыгожых фатаграфій размешчана – тым больш гэта натхняе ўсіх нас. Зрэшты, і аўтаномны ўдзел у гэтай вялікай акцыі мае ня менш плён, бо далучаецеся ж да адной ніткі злучэння.

Запалім жа лаўжы Дня адзінства балтаў! Ушануйма нашых балцкіх продкаў! Будзьма разам!

Aukuras